
Росы - кроў ружовая ў разоры.
Адлятаюць у нябыт Начніцы…
Ў час, калі зыходзяць з неба зоры,
Сустракае золак Мілавіца…
Мілавіца
Васіліса Пазнухова
Ліда
2006
УДК
ББК
Васіліса Пазнухова.
Мілавіца: Першая кніга паэткі. Лірыка, вершаваныя эцюды, прысвячэнні — Ліда,
2006. 76 с. Размножана на правах рукапісу.
© В. Пазнухова, 2006.
Быць слязой на вечнасці шчацэ
Вось наканаванне высокай лірыкі ў разуменні лідскай паэтэсы Васілісы Пазнуховай.
Вось мэта яе творчасці.
Вось тая вяршыня, да якой трэба імкнуцца.
Вось тая сутнасць, якую хацела б укласці паэтка ў сваю першую кніжачку лірыкі з
вельмі лірычнай назвай “Мілавіца”. У асобных творах ёй гэта ўдалося, у асобных
не вельмі, а іншыя - проста сляды на гэтым адвечным шляху.
Якой слязой маецца быць паэзія Васілісы Пазнуховай: слязой радасці, слязой
замілавання, слязой журбы ці гора. Пра гэта можна даведацца, прачытаўшы кніжку
цалкам або асобныя вершы з яе шасці раздзелаў: “Біблія закаханых”, “Белая
росная...”, “Размаўляю з Богам”, “Вянок з палявых кветак”, “Лыжка мёду”,
“Гарэзлікі”.
Кожны з гэтых раздзелаў утрымоўвае творы, напоўненыя не так зместам, як
вобразамі, вобразамі самымі рознымі, вобразамі свежымі, не пазычанымі нідзе, а
створанымі тут і цяпер. Нават міфалагічныя героі ў яе свае, такія, як ёй
захацелася:
З-за чорнага балота,
З-за густога чароту
Ідзе ўпотай
Панна Яснота...
... Панна Яснота,
Тупні ты ботам!
Хай ліха пройдзе,
Хай людзям сойдзе
З сэрца - згрызота,
З душы - маркота,
З думак - турбота,
Са слоў - пустота,
З вачэй - самота,
З рук - лянота,
З хаты - бядота,
З двара - галота,
З народа - нядоля,
З краіны - няволя!
Знаёмыя міфаічныя героі таксама ставяцца ў незвыклыя для іх сітуацыі, створаныя
аўтаркай:
Ідзе Карна дарогай вясковай,
Уся чорная быццам чорны лебедзь,
А за ёю - Жэля ўся ў аковах...
... Сястру шукаем Мову.
Паэтцы ўдаецца міфілазаваць нават такую зусім неміфічную сітуацыю як
Чарнобыльская трагедыя:
... Колькі з той бяды ды слыло вады,
Усё роўна нас паліць полымем
Чарнабыл-трава і Заган-вада,
Што завецца ў народзе Чарнобылем.
У іншых творах паэткі - пошук, пошук традыцыйны для многіх, праўда кожны паэт
шукае сваё. Сваё шукае і Васіліса Пазнухова, сваё месца ў свеце і Сусвеце, сваё
месца між людзьмі і перад Богам. І самае галоўнае, што шукае яна гэтае сваё
месца таксама па-свойму:
Па зорных невідочных кветках
З маленькай кніжкай у руцэ
Іду па свеце я - паэтка,
Сляза на вечнасці шчацэ.
І знайходзіць яна гэтае месца ў залежнасці ад паэтычнага настрою то ў адным
месцы то ў іншым:
Нашы думкі - сляды на пяску,
Нашы мары - унебе аблокі,
Мы – расінкі на кволым лістку
Перад сонечнай любасцю Бога.
Паэтцы відавочна цесна на Зямлі, яна імк-нецца ў Сусвет, звяртаецца да Бога,
Усявышняга, Створцы. Нават прыродная з’ява - падзенне снегу ў вершы “Сняжынкі”
глядзіцца зусім не па зямному:
Гляджу ў цішыню Сусвету,
І бачу: падаюць з Нябёсаў
Аплаткі Боскае любові
Да мнагагрэшнае Зямлі.
Ну а што з вечнай тэмай кахання. Каханне для паэткі сапраўды катэгорыя вечная...
Калі надыдзе канец усіх рэчаў,
І Пустка выйдзе на паляванне,
Пагаснуць вочы, пагаснуць свечкі,
А застанецца адно Каханне...
… Калі надыдзе канец усіх рэчаў,
Не будзе горкага развітання.
А застанецца апошні Вечар,
І Ты, і Я, і маё Каханне.
... а таксама нябесная:
Закалышы мяне ў аблоках,
Аблокам чуласць не баліць.
Яны ахутаны шырока
Спакоем восеньскай зямлі.
Закалышы мяне ў аблоках,
Яны ружовыя, як бэз,
Як полымя, як ціхі шоргат
Лістоў, што адсылае лес.
Закалышы мяне ў аблоках…
Я буду воблакам сама,
Зірну на дно Нябёсаў золкіх,
Дзе дрэмле ранняя зіма.
Закалышы мяне ў аблоках,
Сагрэй пад крыламі душы…
Там, у высі, бліжэй да Бога,
Закалышы, закалышы…
Можна сказаць, што з гэтай кніжкай у беларускую паэзію прыйшло новае імя. Можна,
хаця Васіліса Пазнухова даўно ў гэтай самай паэзіі. Дакладней будзе сказаць, што
з гэтай кніжкай на небасхіле беларускай паэзіі загарэлася яшчэ адна зорка
арыгінальнай беларускай лірыкі, Беларускасці на Зямлі стала чуць-чуць болей, а
беларусам ад “Мілавіцы” Васілісы Пазнуховай стала чуць-чуць цяплей, чуць-чуць
святлей і чуць-чуць ясней на вечным шляху да сябе і да Сусвету.
Станіслаў Суднік.
БІБЛІЯ ЗАКАХАНЫХ
Як жыццё без вясновых званоў,
як вясна без слязін-капяжоў,
капяжы без сонейка ўсмешкі
і ўсмешка без промняў-асноў,
так ідуць за гадамі гады
ў шэрым сне зімовай нуды
без кахання…
*****
Я клічу цябе: Адгукніся
Скрозь зоры і цені імгліцаў!
Асенняе жоўтае лісце
Прыбрана ў дажджу завушніцы.
І раніцы хмурнай пяшчота
Смугою цячэ ў краявіды -
Паціху брыдзе адзінота
Сярод бразгатні і агіды.
Аблокі-забаўкі з паперы
Віраць над натоўпам бязлюдным…
А ў сэрдцы - вар‘яцкая вера
У тое, што здарыцца цуда.
І з гэтым няма мне спакою,
Калі дзень вітаецца з ноччу,
А ведаю толькі адно я:
У суму - блакітныя вочы.
Светлая арабеска
Светлы сум усё ж спавіў павуціннем навокал бары,
Залатыя пацеркі зрабілі на дрэвах майстры,
Развітальная песня сінечы зіхціць ўвышыні,
Каб яе запалілі пад вечар кахання агні.
… Пераможаны дзень углядаецца ў люстра вады:
Дзесьці тояцца там запаветныя ветру сляды,
А Каханне, бы поўня, ўзыходзіць над пругам лясоў,
Каб свет мары напоўніць адбіткам людскіх галасоў.
Адзінота
Мне сумна, мой каханы,
Хоць я не жалюся
Амаль нікому,
Да Цябе звярнуся,
Хоць Ты не чуеш,
І пачуць не можаш,
Ўвесь смутак мой Табе,
Вось мая споведзь:
Вакол мяне - адно чужыя людзі,
Чужыя фарбы і чужыя рэчы,
Чужыя гукі. Гэта так балюча,
Што свет таксама робіцца чужым,
А ў шыбы мне глядзіць
Празрысты вечар.
І ён больш адзінокі
За мяне, бо вечары
Не скардзяцца ніколі,
Ды і няма каму.
Каханы-чараўнік
Пойдзем, каханая, разам у бор
Кветку шукаць, прываротны чабор!
Зоры на небе сплялі карагод...
Пойдзем! Чакаю цябе ля варот.
Я пакажу табе месца адно:
Водар п‘яніць там, бы тое віно,
І аксаміт далікатны травы
Туліцца сам да тваёй галавы.
Сцежку туды, дзе здзяйсняюцца сны,
Ведаю я ды мае лясуны,
Толькі не будуць яны нас пужаць…
Я навучу цябе сам чараваць,
З пахкіх пялёсткаў згатую напой,
Што моцна злучыць нас жарсцю з табой.
Месяц і зоры будуць глядзець,
Як мы ў каханні будзем гарэць.
Целы, палаючы, кветкі памнуць…
Потым, у зеллі ад нас адпачнуць.
Кроплі расы ды з хваёвай смалой
Новай напоўняць нас сілай жывой.
… А як вяселле мы будзем гуляць,
Папараць- кветку змагу дараваць...
Пойдзем, каханая, разам у бор!
Вечарам пахне блакітны чабор…
*****
Вясна ідзе, ні ў кога не пытаецца,
І туляцца да шчасця матылькі,
І птушкамі з-за рэчкі адгукаюцца
Зялёныя кахання цягнікі.
Вясна ідзе! Вясна з зімой змагаецца,
Прыбралася ўжо ў колеры зямля,
І цягнікі кахання не спазняюцца,
А ў гэтых цягніках - і ты, і я.
Чаромхавыя суквецці,
чаромхавыя гады
Цвіце ў Беларусі чаромха,
У вэлюме шлюбным зямля.
З загадкавай незнаёмкай
Сустрэўся вясною я.
Успамінаў мне тых не сцерці,
П‘янілі каханнем тады
Чаромхавыя суквецці,
Чаромхавыя гады.
Сустрэчы нашы раптоўна
Парушыў вайсковы загад:
У армію, ды надоўга,
Рад ты таму ці не рад.
А потым - Афган, крыкі, жорсці,
І посвіст няўмольных куль.
Адкуль у людзей столькі злосці,
І нянавісці столькі адкуль?
Чаму павінны памерці
Сярод той чужой бяды
Чаромхавыя суквецці,
Чаромхавыя гады?
Я шмат чаго ў бітвах бачыў,
Душу сваю кроўю апёк,
А ноччу заходзіўся плачам,
Што ліст ад цябе не збярог.
Глядзеў я ў вочы смерці,
Зусім пасівеў, малады,
А ў сэрцы - чаромхі суквецці,
Чаромхавыя гады.
Калі ж на радзіму вярнуўся
І пыл чужы з ботаў абтрос,
Я з любасцю дакрануўся
Да белых гаючых бяроз.
Чакаў я ад змроку да рання
Цябе ў наш пакінуты сад.
Абпалены болем кахання,
Чаромхі паліў лістапад…
Шмат год з таго часу мінула,
А ноччу ўсё той жа жах:
Нібыта вайна мне вярнула
Твой ліст у змярцвелых руках.
А ў ім тваім почыркам роўным
Напісана, што ты з чужым,
Што шчасце Бог дзеліць не роўна:
Каханне даецца адным,
Боль, войны - другім…
І раптам маё каханне
Я ў белі чаромхі сустрэў,
І слухалі мы на світанні
Ўдваіх салаўіны спеў.
Шчаслівыя, нібы дзеці,
Глядзеліся ў люстра вады
Чаромхавыя суквецці,
Чаромхавыя гады…
Цыкл “Necros Aphokalipsis”- 1
*****
Калі надыдзе канец усіх рэчаў,
І Пустка выйдзе на паляванне,
Пагаснуць вочы, пагаснуць свечкі,
А застанецца адно Каханне.
Пасохнуць фарбы. І на світанку
Памрэ ў аблоках прамень ружовы,
І поўня скоціцца абаранкам
На мёртвы горад… І знікнуць словы.
У сляпой гарачцы заб‘юцца гукі
І разаб‘юць на дзве часткі неба,
І схопяць крыллем паветра рукі
Пад хрып Мастацтва: “Ужо… не трэба”.
Застыне сэрца стары гадзіннік,
Адна адну спаляць хіжа зоры,
І Вечнасць выставіць твар свой сіні.
І - кроў на лісцях, і - крыж у разоры.
І - птушкі ў вокны, і - коні ў мора.
Сканае недзе пад плотам вецер…
І Час замоўкне, на тыфус хворы,
І кветкі попел абсыплюць смеццем.
… Калі надыдзе канец усіх рэчаў,
Не будзе горкага развітання.
А застанецца апошні Вечар,
І Ты, і Я, і маё Каханне.
*****
Закалышы мяне ў аблоках,
Аблокам чуласць не баліць.
Яны ахутаны шырока
Спакоем восеньскай зямлі.
Закалышы мяне ў аблоках,
Яны ружовыя, як бэз,
Як полымя, як ціхі шоргат
Лістоў, што адсылае лес.
Закалышы мяне ў аблоках…
Я буду воблакам сама,
Зірну на дно Нябёсаў золкіх,
Дзе дрэмле ранняя зіма.
Закалышы мяне ў аблоках,
Сагрэй пад крыламі душы…
Там, у высі, бліжэй да Бога,
Закалышы, закалышы…
*****
Дзень адзначылі б белым каменьчыкам
Багдановічы, дантэ, вергіліі,
Калі б сэрца іх сцялася вечарам,
Калі б вочы душу запалілі ім.
Я ж адзначу дзень яснае радасці,
Капяжовае свежасці сонцавай
Агнясветлай усмешкай каханасці,
Хваляй поглядаў зорнай бясконцасці.
У час віна белазорнага п‘янага,
Самай шчаснай, адданай ўлюблёнасці,
Дзень адзначу ўсмешкай каханага,
Камяні для душы - не каштоўнасці!
*****
Кахаю цябе, мой адзіны,
Як водар лясоў і палёў,
Як зорачку-кветку язміну,
Як кроў, маю ўласную кроў.
Ці дзень то, ці зоравы вечар,
Ці ў шчасці жыву, ці ў журбе,
Шапчу апантана ў сінечу:
Кахаю, кахаю цябе!
Анталогія Кахання
Мне памроілася:
Ты ля дзвярэй стаіш
І глядзіш на мяне,
Так пранізліва-светла глядзіш.
Твае вочы - зялёны лістоў аксаміт,
Шэры вэлюм вясны.
Я ўжо ведаю, што ты мне скажаш: Блакіт
Агарнуў твае сны,
І прыйшоў да мяне ты,
Каб іх разгарнуць
І крылы ім даць,
Каб у нябыт адлятаць…
Мне памроілася…
Крокі крокаў Тваіх…
Не, гэта звычайнае сэрца.
І не вераць за вокнамі лужыны - гэта да іх
Прыпаўзлі ўсе аблокі сагрэцца?
Цішыня завязала мне вочы
Да ночы. Добрай ночы!
Млявы верасень, хуткі кастрычнік
Гуляюць у кола.
Гэта вельмі вясёла,
Няпраўда ж?
Гульні скончыліся,
Бо п‘яны вецер па бруку пырснуў вужом.
Мне памроілася:
Ты ў дзверы сэрца майго зайшоў.
*****
У бурштынавы пах валасоў
Авіні азяблыя рукі.
Мне не трэба пяшчотных слоў-
Толькі позірк, бы скрыпкі гукі,
Толькі вусны, бы вішняў сны,
Толькі пальцаў агонь салодкі.
Я – бурштынавы шал вясны,
Ты - пяшчоты прамень. І кропка.
Калі кахаеш
Ты дзверы адчыніць вагаўся,
А лепш сумненні адкладзі:
Калі кахаеш - дык застанься,
Чакаць не хочаш - дык ідзі.
Кружылі мы з табой у вальсе,
Ты да грудзей мяне туліў…
Калі кахаеш - заставайся,
Калі стаміўся - што ж, ідзі.
З табой штодзённа сустракацца
Без сэнсу: ты ў душы адзін.
Калі кахаеш - лепш застанься,
Калі забыў мяне - ідзі.
Шэптам
Наша жыццё быццам бурнае мора.
Дзе тое шчасце?.. Дзе тое гора?..
Стрэчы, паранкі, імгненні кахання -
Усё, як аблокі ў блакіце, растане.
Як у натоўпе з табою сустрэцца,
Каб хвалявання не выдала сэрца,
Каб зразумелі з табою мы толькі
Тое, што лёс варажыў на аблоках?!.
Хай завіруе раз‘юшаны горад -
Нас не зацягне ў чароўнае кола.
І сярод горычы, болю і смутку
Неба падорыць мне твой пацалунак.
Медзяныя лісты...
Медзяныя лісты
Асенняй цёплай хваляй
Праз павуцін масты
Да неба даляталі.
Гукаючы мяне,
Смяецца рэха гучна
Ў сінечы, што пяе
Над неабсяжнай пушчай.
- Хто гукаў мяне, скажы,
Восень?
Стрэлкай часу напішы:
Ў восем!
У восем адляціць ў нябыт
Гора,
Бо вачэй тваіх блакіт –
Скора!
І сонца ўсё ніжэй,
Ніжэй да небасхілу.
Сустрэчы час бліжэй,
Усё бліжэй, мой мілы!
Загадкава маўчыць
Пад рудым клёнам восень,
А сэрца ўсё крычыць:
Ты прыйдзеш роўна ў восем!
Ах, ад шчасця як трымціць
Сэрца!
Разам з лісцем ўвысь ляціць,
Ўецца!
Апранула аксаміт
Поўнач,
А вачэй тваіх блакіт –
Побач!
Да раніцы ўдваіх
Лічылі разам зоркі,
Ад нас схавалі іх
Празрыстыя аблокі.
Мяне ты абдымаў,
Аб нашым шчасці марыў,
А потым прашаптаў:
“Люблю цябе, кахаю!..”
Гэта ты мяне гукаў
Лесам,
Мае рукі цалаваў,
Песціў!
Ранак ціхі ля ракі –
Цуда!
І вачэй тваіх блакіт –
Ўсюды!..
Вераснёўская малітва
У павуцінне лес прыбрала
Восень колеру лісы,
Фіялетавым пажарам
Расцвітаюць верасы.
Неба сіняе, як дзіва,
Ў ім, блукаючы, плыву,
Вераснёўскую малітву,
Божа, для цябе ствару.
Вераснёўская малітва,
Сэрца ты маё крані!
Вераснёўская малітва –
Спеў асенняй цеплыні...
Вераснёўская малітва,
Дзе мой вырай, дзе мой шлях?
Нібы ў матчынай калысцы,
Засынаю ў верасах...
Нешта пахмурнела з рання,
Зажурыўся светлы дзень,
Абяцае мне каханне
Сонца кужальны прамень...
Божа, я малю аддана:
Хай не згасне ў хмарах ён!
Вераснёўскае каханне –
Вераснёўскі мой палон...
Вераснёўская малітва,
Сэрца ты маё крані!
Вераснёўская малітва –
Спеў асенняй цеплыні...
Вераснёўская малітва,
Дзе мой вырай, дзе мой шлях?
Нібы ў матчынай калысцы,
Засынаю ў верасах...
Два словы пра каханне
Месяц буйна неба зоркамі засеяў,
Цішыню, як пані, увёў пад руку ў горад.
Спіць пад белай коўдрай цётухна-завея,
Заглядае ў вокны тварам сінім холад.
Месяц буйна неба зоркамі засеяў.
Мне прымрояцца два словы пра каханне,
Як іскрынкі з правадоў навальтаваных.
Я пра іх, відаць, забудуся да рання…
Ах, як позна! Ах, як рана-рана
Мне прымрояцца два словы пра каханне.
*****
Я ведаю, як атруціцца каханнем -
Пялёсткамі ружы ў фужэры віна,
Я вып‘ю яго, калі буду адна...
Я ведаю, як атруціцца каханнем.
Будзённае сонца над лесам устане,
І кроплі крыві ў абрамленні акна -
Пялёсткамі ружы ў фужэры віна,
І сэрца ў грудзях, як ільдзінка, растане,
Я вып‘ю яго, калі буду адна...
Я ведаю, як атруціцца каханнем.
Дзень усіх закаханых
Вераб‘ём у промнях сонечных горад купаецца,
Іх зімовая раніца шчодра рассыпала,
Задуменныя людзі на працу спазняюцца,
Вось і мне тут сустрэча шчаслівая выпала.
Я самоту, нявер‘е пакіну за комінам,
На парозе сустрэне мяне самы любы мой,
Выйдзем у свет, будзем п‘яныя сонечным водарам,
Нібы птушкі вясны, што зрабілі гняздо зімой.
Не Лёс
Кветкі сакуры лашчаць пялёсткамі
Матылёў дыяментных вусы,
Мы з табой на пяшчотнасці востраве –
Цудзе з сонца, вясны і расы.
Будзем піць асалоду далонямі,
Танцаваць на ускрайку Нябёс,
І ніколі - ніколі не ўспомнім мы,
Што сустрэцца нам разам – не Лёс...
Няма кахання
Няма кахання. Спісана пяро.
Былыя ўсе сляды засыпаў снег.
Мінула, загаілася, сплыло,
А я сабе не верыла – вось смех!
Няма кахання; спісана пяро.
Аблокі як мурашкі. Дзень праз шкло.
(А я сабе не верыла – вось смех!)
Стулілася няёмка за вуглом
Зіма і холад, хутка пойдзе снег...
Мінула. Загаілася. Сплыло.
Няма кахання. Спісана пяро.
БЕЛАЯ, РОСНАЯ …
*****
Там, за небасхілам,
Там, за небакраем,
Вочы мамы сінія,
Што мяне кахаюць.
На аблоках белых
Сонца адгалоскі,
Колер збожжа спелы -
Маёй мамы косы.
А ў вясновы ранак
Ветру цёплы подых,
Рэха калыханак,
Мне з маленства родных.
*****
Тут старадаўнія ў людзях пяюцца
Песні, легенды і казкі зямлі,
Маладзіковыя сонцы смяюцца
Радасцю белай вясны.
Я нарадзілася ў пушчы буслінай,
У час, калі сіні запальвалі бэз,
Клікала землю матуляй, радзімай,
Братам ды сёстрамі - рэкі і лес.
Дзеці мае будуць жыць тут і дыхаць
Водарам траў з неабдымных лугоў,
Будзе звінець неба сіняя Прыпяць
У сінім блакіце снягоў.
А, калі хтосьці з кплівай усмешачкай
Кіне мне ў твар: “Дзе ж радзіма твая?”
- Проста на захад, за Белаю Вежай,
Шчасця цяжкога зямля!
Край паэтаў
Ёсць дзесьці край,
Дзе і ўлетку, і ўвесні
Спевам чаруюць
Народныя песні.
Край,
Дзе жалейка чыста спявала
Голасам звонкім Янкі Купалы.
Край,
Дзе пяе летам жыта ўголас
Песні, што ў спадчыну даў Якуб Колас.
Край,
Дзе азёрныя ведаюць хвалі,
Як Танк і Цётка ў верш душу ўпляталі.
Край,
Дзе бруілася мова матчына
Ў снах Багдановіча й Пімена Панчанкі.
Край,
Дзе былога раны сустрэнеш
У кнігах Грахоўскага, у “Споведзі” Геніюш.
Край,
Дзе з’яднала бацькоўскае слова
Нас з Багушэвічам і Куляшовым.
Край,
Прыгажэйшы за ўсё ў цэлым свеце,
Мы - яго дзеці.
Дзе ж гэты край,
Сонцам сагрэты?
Спытай у паэтаў!
*****
Заблукацца ў раздоллях лугоў,
Стужкай лесу прыбраць свае косы,
Пасядзець ля магутных дубоў,
Пашаптацца з сяброўкай-бярозай…
Беларусь! Гэта слова гучыць
Лебядзінаю песняй вясною,
То як возера сумна маўчыць,
То заве жаўруком за сабою.
На бяскрайніх прасторах вясна
Саматканую квецень паслала,
Каб хутчэй пазбаўлялася сну
Беларусь, золак свой сустракала!
Замова
З-за чорнага балота,
З-за густога чароту
Ідзе ўпотай
Панна Яснота.
У панны Ясноты
Чырвоны боты,
Блакітны вочы -
Яснеюць ночы.
Панна Яснота,
Тупні ты ботам!
Хай ліха пройдзе,
Хай людзям сойдзе
З сэрца - згрызота,
З душы - маркота,
З думак - турбота,
Са слоў - пустота,
З вачэй - самота,
З рук - лянота,
З хаты - бядота,
З двара - галота,
З народа - нядоля,
З краіны - няволя!
Хай добра будзе!
Дай, прашу, людзям
Шчодрага году,
Добрага ўмалоту,
Прыгожых красак,
Шчаслівых казак!
8 верасня 1998 года ў Гародні
Сёння - свята ля царквы старой, Каложы.
Да Каложы Нёман туліцца прыгожа,
Задуменна лісце жоўтае шапоча…
А людзей! Усюды - твары, рукі, вочы!..
- Што ж за свята адзначаецца ў Каложы?
- Перамога незабыўная пад Воршай
Беларускае нястомленае зброі,
Што ў руках калісь трымалі мужна воі.
Меч літоўскі жах прынёс палкам варожым!
Забывацца нам на гонар свой нягожа. -
Бел-чырвона-белы сцяг фалюе плаўна,
Як стагоддзяў пяць таму - на дзідах слаўных.
На душы – прыемна, ціха і… трывожна.
Песні рвуцца з сэрца ў неба над Каложай!
Прачынаецца ў вачах былая веліч…
- Паспявайце нам яшчэ, спадар Шалкевіч!
…Сонца ў полымі на захадзе варожыць…
… Замірала рэха доўга над Каложай…
Святыня мая
Святыня мая – гэта лес і лугі,
І зоры над вольхай пахілай,
І ў сонечных промнях жывыя снягі,
І сцежка да роднай магілы.
Святыня мая – гэта чым даражу,
І што мне паветрам здаецца.
Яе я ў душы лёгкай ношай нашу,
І з сэрцам яна ў грудзях б‘ецца.
Калі ж надыходзяць часы гругання,
Нібыта няма выбаўлення,
Святыня мая – гэта Вера Мая
І Светлая Моц Уваскршэння!
Малітва-просьба
Божа Ўсемагутны, памажы нам!
У лясной, зацішанай далі
За сябе прашу я, за Радзіму
І за шматпакутны шар Зямлі.
Ведаю, што бачыш Ты і чуеш
Усё, што я скажу, не ў першы раз,
Ведаю, караеш і мілуеш
З-за таго, што ёсць у кожным з нас.
Ведаю, у словах не раскажаш,
Як жывем у пяты год зімы…
Што ж, тады скажу Табе адразу ж,
Што за мары - думкі тоім мы:
Я прашу, каб у лясной крыніцы
Чыстай як крышталь была вада,
Каб урад Зямлі паспеў спыніцца
На краі – за ім жыве Бяда!
Я прашу, каб стала ясным неба,
Каб усюды ў шчасці жыў народ,
Каб скарынку аржанога хлеба
Кожны атрымаў ў галодны год,
Каб сям‘я тых, хто ў баі загінуў
І другім аддаў сваё жыццё,
Не палегла ў забыцця магілу –
Гэта найстрашнейшае за ўсё.
Я прашу, каб мір быў ў цэлым свеце,
Хай знікаюць гора, смутак, жах!
Каб здароўе – і бацькам, і дзецям,
Каб квітнела жыта на палях.
Я прашу жыць вольна і шчасліва,
Войны хай адыдуць у нябыт!
Хай жа птушак родных пералівы
Паглыбляюць над зямлёй блакіт!
Божа Ўсемагутны, памажы нам!
У лясной, зацішанай далі
За сябе прашу, і за Радзіму,
І за ўвесь вялікі свет Зямлі.
*****
Нашчадкі ваяроў святой зямлі,
Мы дыхаем і думаем ашчадна,
Крыж Ефрасінні мы не збераглі,
Не збераглі сваю былую ўладу.
І толькі “напамін пра Беларусь”
Рэклама нам сляпцом піхае ў вочы:
Замест сцягоў – залаплены абрус…
Замест працаўнікоў – ізноў “рабочых”…
Ліст без подпісу
Народзе мой, самотны, любы!
Табе я горкі ліст пішу,
Бо Вярнігоры, Вярнідубы
Забылі сёння пра душу.
Ім славу дай, ім дай багацце,
(Асілкі ўсё ж, як ні кажы),
А ўглыб зірнеш – усе, як брацце,
Аднолькавыя пустышы!
І цяжка бацьку жыць старому,
Бо сына ўжо не навучыць,
Каб край любіў не “па закону”,
Каб сэрцам сынавым любіць.
Народзе мой, ты ж абудзіся,
Зірні ты ў вочы смела сам!
Прароцтвы даўнія збыліся,
Што выткаў ты на паясах.
Сярод усмешачак і кпін
Трымай высока, роўна спіну,
На глум і здзекі не пакінь
Сваю знябытую краіну!
…Хай сын кахае, а не “любит”,
Хай студзіць студзень, не “январь”,
І хай адродзяцца у людзях
Музыка, Сейбіт і Змагар!
*****
Да юбілею Сцяцко П.У.
Мілагучнасць гукаў родных песень,
У спякотным сонцы летні гай
І дубы-буслянкі на Палессі –
Гэта ты, мой мілы, ціхі край.
Войнаў-бедаў зведаў ты нямала,
Ды ад ВКЛ, ад Скарыны
Мову нашу родную аддана
Баранілі мужныя сыны.
Вось яны: ў вачах – вякоў бясконцасць,
У руках – пергаміны, мячы…
Не, яшчэ пад ясназорым сонцам
Не сышлі ў няпамяць крывічы!
Сёння, Беларусь, з табой вітаем
Мы таго нашчадка ваяроў,
Хто аддаў душу і сэрца краю,
Хто збярог напеўнасць родных слоў.
Мілагучнасць гукаў песень родных
Зліты ў беларускае крыві…
Хай жыве Твой Сын ў душы народа,
Разам з ім і ты, мой край, жыві.
Прыгажосць
Максіму Багдановічу
Ёсць ў мове слова “прыгажосць”,
Ланцуг дрыготка-спеўных гукаў,
Нібыта ты бярэш у рукі
Ўсё светлае, што ў свеце ёсць:
Кранаеш зорак аксаміт,
Што пырскамі зіхціць на небе,
Абдымеш дрэва, чый малебен –
Зялёны ветразь у блакіт.
Пах канюшыны, ветру спеў
І раніца ў вачах дзявочых,
Усё, чаго шукаў, чаго хацеў,
Пра што так марыў цёмнай ноччу…
… Ёсць ў свеце слова “прыгажосць”,
У гэтых гуках моц Сусвету,
Бо менавіта мова – гэта
Ўсё лепшае, што ў людзях ёсць!
Вызнанне
Мне прывезлі язмінавы пах
І рамонкавы сонечны квецень.
Краю мой! У тваіх мне лугах --
Заблукацца, а потым памерці!
Мне чужога не трэба агню,
Іншаземнага хлеба не трэба,
Наталі цішшу душу маю,
Абагрэй сіняй лапінкай неба!
Хай цікуе цябе груганнё,
Баль чужынцаў не будзе бясконца!
Палымянае сэрца тваё
Дорыць веру рамонкавым сонцам.
*****
Белая, росная, самая светлая
Ў сэрцы краіна мая запаветная.
Зорка надзейная, маці руплівая,
Плёнам і гонарам дзетак шчаслівая,
Ты не скарышся пад пошасцю грознаю,
Будзеш заўжды такой: белаю, роснаю!
Балада
Ідзе Карна дарогай вясковай,
Уся чорная, быццам чорны лебедзь,
А за ёю – Жэля ўся ў аковах,
Нікога не кахае, нікому не верыць.
Дзве маўклівыя постаці… Што вы
Тут забыліся?! Чаго вам трэба?!
А ў адказ: “…Сястру шукаем, Мову.
Знойдзем, і ўтраіх пойдзем да Неба.
Хопіць плачу! Хопіць слёз і просьбаў!!
Мы пра вас забудземся, жывыя.
Зразумеюць – толькі будзе позна –
Без‘языкія, сляпыя і глухія!”
Хатка
Апошняй хатцы ў г. Лідзе.
Ой, мая ж ты хатка –
Драўляная матка,
Схавана за плечы
Камяніц-нашчадкаў!
Дажджы церабілі –
Акенцы пабілі;
Вятры наляцелі --
Дошкі праелі.
Страха гонтай крыта,
Лапікамі шыта.
Як людзі з‘язджалі,
Дзверы зачынялі...
... Пакуль ёсць ты, хатка,
Помніцца, як бабка
Частавала з печы
Скваркай ды аладкай...
*****
Зоры над Беларуссю –
у вадзе мары адбітак.
Сонца над Беларуссю –
сэрца для шчасця адкрыта.
Неба над Беларуссю –
Створца, якому малюся.
Бусел над Беларуссю...
Белы надзеі бусел...
РАЗМАЎЛЯЮ З БОГАМ
Усмешка – гэта малітва ўдзячнасці да Творцы
Ўсяго Жывога,
якая адбілася на чалавечых вуснах…
Вечнае
Падумаўшы пра вечнае, згаджуся,
Што ўсё на свеце – шыр і цішыня
У параўнанні з сэрца землятрусам,
Вясельныя званы ў якім звіняць.
Падумаўшы пра вечнае, адзначу,
Што у які б не зазірнулі кут,
Аднолькава на свеце людзі плачуць:
Ад радасці, ад болю, ад пакут.
Падумаўшы пра вечнае, успомню,
Што не знайсці цяжэй і даражэй
За цёплую матуліны далоні,
Калі яна да сну кладзе дзяцей.
Падумаўшы пра вечнае, падкрэслю,
Што нельга нам ніколі забываць
Аб прыгажосці спеўнай, шчаснай песні,
Аб тым, што трэба верыць і кахаць!
Паэзія
У блакітнай неба бездані,
Нібы ветразь, калыхаецца –
Йдзе дзяўчына, шчасця песняю
Уся праменіцца, спяваецца.
Ў небасхіле недасягнутым
Поруч з неабмежаванасцю
Йдзе, наскрозь уся прасякнута
Маладосцю і каханасцю.
І зусім не ў гэтым горадзе
Лёсам жыць наканавана ёй --
На абсягах небазоравых,
Пераблытаных паміж вясной.
Хоць яна і сутыкалася
З юрам, смеццем і нахабнасцю,
Прамянілася, спявалася
Недзявочаю прывабнасцю.
І крывілася няўмольная
Чалавечая працэсія:
- Вунь. Ідзе. Шчаслівая і вольная,
Як сама паэзія.
*****
“Калі ласка, зачыняйце дзверы!”-
Надпіс ля ўваходу ў магазін.
Я яму і веру, і не веру,
Слухаючы цішыню вітрын.
Надпіс той удакладніць старанна
Трэба, каб даверыцца яму ж:
“Зачыняйце дзверы ў памяшканне:
Адчыняйце, людзі, дзверы душ!”
Агонія. Ці практыка гамлетаўскага пытання.
Пустка! Пустка ззяе ўва мне,
Нішчыць пачуцці і мары,
Болем катуе… Змагацца ці не?
Душу ці сэрца ў ахвяру --
Словам бязглуздым, думкам чужым,
Крыўдзе няўхільнай, адвечнай?
Ах, каб развеяць гэта, як дым,
Каб захаваць чалавечнасць!
Божа! Што ж робіць са мною жыццё?!
Нішчыць, нявечыць - навошта?!
Можа, за тое, што сэрца маё
Біцца ў няволі не можа?
Вызвалі, Божа, пакуль я яшчэ
Маю імя Чалавека!
Бо як атрута мяне апячэ,
Знікну, загіну навекі!
Кара за талент
Дзе ж вы бачылі багатага паэта?
І калі ж было, каб гэткі цудадзей,
Узнагароду атрымаўшы ад Сусвету,
Дачакаўся і падзякі ад людзей?
Не! Вось гэтак жа было б несправядліва!
Як жа можна – каб за талент нешта мець?!
Ён, паэт, сваімі песнямі шчаслівы,
Хай пяе сабе, пакуль ён можа пець!
У хаце, школе, ВНУ - якія просьбы?!
Ты паэт! – Табе яшчэ й дапамагчы?!
Безгалосым дапамогуць, тыцнуць носам:
Не высоўвайся, а лепей – памаўчы!
Бо каму ж патрэбны песні ў нашым свеце?
Песні шчырай, чулай, стомленай душы?
Дай прысягу, чалавек, адзінай мэце –
Грошам. Потым жа – “ідзі і не грашы”!
Дзе ж вы бачылі прызнанага паэта?
Без пагарды, кпін, няўдачы і віна?
Талент жорстка выпрабуецца планетай,
І таму няма планеце Вяшчуна!
*****
І быў снег у тую ноч для мяне салёны, як кроў, пякучы, як агонь, і сцюдзёны, як
вада са дна самай цёмнай студні…
*****
Кратары атамнай пушкі
Сёння баляць, як і ўчора.
… Падалі з неба птушкі,
Крыллі спаліўшы аб зоры.
Падала лісце з каштанаў
Чорнымі камячкамі,
Вогненыя кайданы
Не разарваўшы рукамі.
Кроўю набраклыя вочы
Ўзняў чалавек да неба,
Нібы пытаўся: хто хоча
Знішчыць паветра і глебу?
Толькі адно імгненне
Ён у аблокаў пытаўся –
Каменным чорным ценем
У сэрцы сцяны застаўся,
Не атрымаўшы адказу,
Чорным пытальнікам – ценем,
У вечнасць запісаным сказам,
Жарам, смяротным імгненнем.
Дзікую выбухаў хвалю
Сэрца цярпець не ў сілах.
Успомні, прашу, як хавалі
Ў попелы Хірасіму!
Дзеці Чарнобыля плачуць на ўласных магілах
Чарнабыл-трава і Заган-вада
Узнімаюць жах над планетаю.
… Колькі іх лягло, колькі потым жыло,
Хто застаўся – аб тым не ведаем.
Колькі з той бяды ды сплыло вады –
Усё роўна нас паліць полымем
Чарнабыл-трава і Заган-вада,
Што завецца ў народзе Чарнобылем.
Апошняя надзея
*
Апошняя надзея, нібы зорка,
Заззяе ў небе колеру віна.
*
І свет патоне ў рэчцы, так глыбокай,
Што ён не дасягне ніколі дна.
*
А людзі выйдуць грамадой на плошчу –
Стракатых птушак палахлівы збор.
*
Святлом да іх крануцца не захоча
Наступны дзень. Былы ужо памёр…
*
І будзе марай ім свяціць бясконца
Самотным промнем пошукаў маіх
*
Апошняя надзея – нібы Сонца,
Нібыта песня, нібы сон ці ўздых.
*****
Ты натхняеш мяне, о Ўсямоцны,
Усявышні, Усёміласцівы,
Мой Усёдаравальны Створца!
Толькі Ты мяне робіш шчаслівай!
Ты і Я – мы з Табой назаўсёды,
Залацістым святлом аб‘яднаны –
Адыходзяць пустыя нягоды,
Незагойныя гояцца раны.
… А ў чэрвеньскі ранак бязмоўны,
Калі вецер загойсае ў вербах,
Ты мяне возьмеш ціха ў далоні
І, як птушку, адпусціш у Неба…
*****
Я лячу ў цемры зорнай начы,
Што закручвае неба ў сувоі.
Ціха мараць цяжкія мячы
У далонях загінуўшых вояў.
І журботны скамечаны плач,
І пранізлівы, д‘ябальскі рогат,
Ці ты ж гэта, радзіма мая?
Ці смяротная думак пустота?
Лісця звон, нібы дзідай аб шчыт,
Ветру сковыт - сабака без хаты,
Босы дух мой ідзе па мяжы,
Непатрэбны, самотны, пракляты.
*****
Па зорных невідочных кветках,
З маленькай кніжкай у руцэ,
Іду па свеце я – паэтка,
Сляза на вечнасці шчацэ.
Што жах і боль? Яны ў мінулым!
Мне проста хораша ляцець
Сярод Бясконцасці завулкаў,
Кахаць, і марыць, і гарэць!
Тры жыцці
(цыкл)
Было ў мяне калісьці тры жыцці
Было ў мяне калісьці тры жыцці:
Першае - спелакосае дзеўчанё,
што любіла ранкам бегаць па салодкіх росах
і збіраць у прыцемку лясным толькі-толькі
абуджаныя маргарыткі.
Другое - дзяўчо крылатае, у скураной сукенцы ці спадніцы (накшталт амазонак).
Трэцяе - самае таемнае - жывое трапяткое сэрца,
праз якое прараслі галінкі белай яблыні.
Але, вось яны вычарпаныя жабрачым кубкам
лёсу з далоняў Маёй Душы,
а я ўсё жыву…
*****
Некалі я рыжай вавёркай скакала,
выглядаючы круглымі цікаўнымі вочкамі
спелыя шурпатыя шышкі ў траве.
І гэтак жа, спелая і шурпатая,
ляжала я ў траве, чакаючы пакуль
гарэзлівая Вавёрка – маё другое “я”
схопіць мяне ў свае халодныя чорныя пальчыкі.
І была я зялёным сакавітым бязмежжам,
у якім маё рыжае смяшлівае “я” шукала
маё спакойнае шурпатае “я”.
І я ціха злучала ўсе свае сутнасці
ў зачараванае кола.
Калі ты маленькі, быць Сусветам так проста,
таму толькі ў малых дзецях жыве Бог.
*****
Здавён вякоў продкі мае
Час вымяралі
Гойданнем хвояў і елак,
Шамаценнем ігліцы сухой,
Промнямі сонца,
Рэхам ад горнаў аленевых,
Суніц выспяваннем таемным,
Шэптамі хваляў марскіх,
Маўчаннем зсівеўшых каменняў.
А што найважнейшае –
Сэрца няспыннай хадою,
Паветра і сонца глыткамі.
З вамі я, продкі мае!
Час – гэта бездань бяздонняў,
Не вымяраецца ён
Мёртвым гадзінніка смехам.
Калі я малая была...
Калі я малая была,
Крыштальнай вадою рачулка плыла,
У небе, бы ў моры глыбокім,
Купаліся птушкі ў аблоках...
Маленства маё –
Дзіцяці звонкі галасок.
Маленства маё –
Вясной з бяроз салодкі сок.
Маленства маё,
Куды падзелася, куды?..
Ляцяць гады,
ляцяць гады...
Яно мінае назаўжды!
Калі я малая была,
У казачным лесе жар-птушка жыла,
Цвіла на таемным палетку
Цудоўная папараць-кветка...
Маленства маё –
Дзіцяці звонкі галасок.
Маленства маё –
Вясной з бяроз салодкі сок.
Маленства маё,
Куды падзелася, куды?..
Ляцяць гады,
ляцяць гады...
Яно мінае назаўжды!
Калі я малая была,
Ніколі нікому я не йлгала,
Усмешку дарыла Сусвету,
Усмешку дзіцяці й паэта!
Маленства дзяцей
Мы ўсе павінны зберагчы!
Маленства дзяцей –
У ім сэнс жыцця наш будучы!
Маленства дзяцей –
Без болю, гора і жуды!
... Каб нам не знікнуць назаўжды!
Восеньскае
Плывуць аблокі па небе
Празрыстым, быццам твой позірк,
Іх росныя кроплі-слёзы
На вейках кветак дрыжаць.
Гракі ўзаралі глебу,
Хіба надыходзіць восень,
І пойдзе мой смутак боса
Туляцца на сенажаць.
Восеньскае
Сябрам - дэкадэнтам,
у прыватнасці, Анатолю
Сцізорык зжаўцелага лісця
Іржавай іголкай праткнуў небасхіл;
І чорным плашчом узняліся
Шматы гругання з пасівелых магіл.
Цяпла камяням не хапае,
Па сцежках жабруюць вятры, як дзяды;
Крывёй арабін наталяюць
Галодныя птушкі свае жываты.
І вечар, як яблык, закоціць
Журботнае сонца у попел начны;
У восені болю не хопіць,
Каб раніцай ўспомніць забытыя сны.
Не ведаю, колькі мінула,
Як сэрца маё спапяліў голас твой;
Яго я ў смугу захінула,
Каб смутак асенні пакінуць з сабой.
*****
Сляпая, бессмяротная вада
Ў душу мне зазірнула відавочна.
Хацелася ёй шчыра, каб жуда
Згубіла маю сутнасць ў змроку ночы.
За чорнае жыццё прадаўшы вочы,
Мяне ў ахвяру не прымусіць даць
Сваёй ваўчынай, азвярэлай ночы
Сляпая бессмяротная вада!
Ты – дзень
Дымны горад шле праклёны,
Б‘юцца ідалам паклоны,
Пад‘ядае чорны будзень
Ніваў залатыя плёны.
Тэлевізар – рай зняверкаў,
Хочацца хадзіць у цэрквы,
Сонца падмяняе злыдзень
На блішчастую талерку.
Як быць хораша на волі!
Сцежкай у зялёным полі!
Але не. Працоўны тыдзень
Не закончыцца ніколі.
Калі паміраюць паэты
Калі паміраюць паэты,
Свой колер губляюць палеткі,
І рэчкі ірвуць прыгажуні
Свае серабрыстыя струны;
Птушыная песня не льецца,
Крумкач адзін толькі смяецца;
Журботна схіляюцца краскі,
І шэпчуць грымоты: “Заўчасна...”,
Калі паміраюць паэты...
Ці, можа, здаецца нам гэта?..
Свет – лапікавая коўдра
Арабеска небасхілу
Нізка хіліць да зямлі,
І скрыпяць іржышчам стылым
Апусцелыя палі.
Дрэвы свечкі паляць шчодра,
Нібы верачы мане,
Бог, як лапікавай коўдрай,
Светам затуліў мяне.
*****
Ластаўкі ніколі не плачуць,
Не крычаць ад смагі і болю,
Ластаўкі вятры крыллем лашчаць,
Шчасцем наталяюцца ўволю.
Зачыняючы ў сэрца дзверы
Ад абразы, суму, няволі,
Як жа я хачу ў гэта верыць:
Ластаўкі не плачуць ніколі.
Спазнаць сябе
Зімовы вечар ідзе да скону,
Крывёю сонца запэцкаў шыбы,
А мне ўсё мроіцца луг зялёны,
І ля дарогі каменні-глыбы,
І лес, празвонены спевам птушак,
І поле, вохравае ад рапсу,
І кветкі дробных здзічэлых грушак,
І рэха – недзе лясун азваўся,
І аксамітныя шаты ночы,
І зоры – срэбрныя плоткі-рыбкі...
І дзеўчанё – як азёры вочкі –
Што бегла мною ў Сусвет вялікі...
Прабачэнне
Усё мінае: і сябры, і ворагі.
Золак заступіў світанак ўраз,
Захінае счырванелым полагам
Неба, як дзяцей ў калысцы, нас.
І дабро, і зло – усё адплоціцца,
Кожнаму налічыцца сваё,
А па твары Сонца слёзы коцяцца,
Ачышчаюць нечае жыццё...
*****
Нашы думкі – сляды на пяску,
Нашы мары – у небе аблокі,
Мы – расінкі на кволым лістку
Перад сонечнай любасцю Бога.
ВЯНОК З ПАЛЯВЫХ КВЕТАК
Самотны верас
Самотны верас… Верас, што ты хочаш
Злавіць у сеткі сцебляў легкавейных?
Ці слёзы зіхацяць у кветках ноччу,
Ці росныя, крыштальныя завеі
Пакінулі свой ціхі пацалунак,
Пяшчотай атуліўшы кветкі – веі?
*****
Лагодны восеньскі дзянёк
Рассыпаў ў вышыні аблокі
І сарамліва, незнарок
Кранае сонцам лісця шчокі.
І сумна трохі мне чагось,
І радасць светлая навокал.
А восень, як жаданы госць,
Зрабіла небасхіл шырокім.
І думкі птушкамі плывуць
Удалячынь за лес зялёны,
У шлях, які не дасягнуць,
У шлях, нікому не знаёмы.
Вяргіня ў садзіку цвіце
Пунсовым полымем адчайна,
І павуцінне на траве --
Багаццем казкі незвычайнай.
А над Гародняю неба, як мара
Горад. Па вуліцах – шпаркія крокі.
Сонца – на дахах і сценах. І я.
Крама, кіёск – каляровыя шчокі,
Побач – такія ж…, нібыта сям‘я.
З вокан – прыемная музыка. Дыска.
Песня пра восень у сініх дажджах.
Раптам – выключнае. Вось яно, блізка:
Скрыпка! І хлопчык з натхненнем ў вачах.
Голуб. У бок драмтэатру. Там – Нёман,
Нёман утульны! А побач – лясы…
Не, не туды. Да акрышачкаў хлеба.
… Вось дык дзяўчынка! Да пят валасы!
Хіба, у госці? Прыбралася модна!
Хлопцы, дык шчыра, нічога сабе.
Вось яна, мілая наша Гародня!
Колькі людзей! … Можа, скора абед?
Воклічаў, позіркаў, думак пачвара,
А над Гародняю неба, як мара.
Калі прыйдзе вясна
Загукае зялёнай салодкай суніцай
Сярод дрэў векавечных ізноў нас вясна,
Водар п‘янага шчасця ў грудзях забруіцца
Ад ігліцы зялёнай, што тоіць сасна.
Як жа хораша, горача, весела, звонка
Заіграюць ў блакіце тугім прамяні!
Васількі і Маруські, Сашкі ды Алёнкі…
Карагодам закружацца ясныя дні!
І ў вадзе снегавой, і ў бясхмаркавым небе,
І ў ноце вышэйшай з душы жаўрука
Будзе песня аб сонцы, аб мары, аб хлебе
І аб шчасці, якое трымае рука!
Гародня
Ружова-блакітна-зялёная
За вокнамі ўвечар Гародня,
Вясною шчаслівай натхнёная,
У бурштынавых сонечных промнях.
Прыехалі госці з-за Нёмана,
Каб з Траўнем згуляць заручыны,
У квецень садоў, задумённую,
Прыбралі, бы ў вэлюм дзяўчыну.
Вось поўня пярсцёнкам-абручкаю
Заззяла сярод аксаміту…
Заблытаўся вечар, крадучыся,
Ў ружова-зялёна-блакітным.
Вечар
Чакаеш сёння ты сустрэчы, вечар?
Ці запаліў ўдалечы зоркі – свечкі?
Ці зможаш сёння ўзняць мяне ў аблокі,
Ў блакітны аксаміт нябёс глыбокіх?
Спяеш ты песню, казку мне раскажаш?
Мой сябар верны, што ж ты не адкажаш?
Чакаеш сёння нашай ты сустрэчы,
Ці іншы пачакаць мне трэба вечар?
Дождж
Дождж ішоў, празрысты і звонкі,
Праз салодкі бярозавы пах,
Срэбрам песціў галлё хвояў гонкіх,
Травы на дыяментных лугах…
Фарбаваў шчокі сокам малінавым,
Дзюбай пстрыкаў, як збуджаны птах,
Бег за хмаркамі – лёгкі, няспынны…
Мне пакінуў сінечу ў вачах.
Дождж ішоў, прыгожы і светлы,
Вішняў кветкі ў далоні мне трос…
Хай ідзе над блакітнай планетай
Дождж маіх беларускіх бяроз!
Вечар – замалёўка
Квола свецяцца падманы
Бліжняй ночы.
А ў вачах маіх – туманы,
Плачуць вочы.
Месяц грошай-зорак торбай
Багацее.
Свет расцяты паміж просьбай
І надзеяй.
Бэз
Ружовымі хвалямі бэз за акном
Пяшчоціцца ў кволай сінечы,
І кветкі палаюць пунсовым агнём,
Ўсё мараць і мараць аб нечым.
І вецер цалуе іх палка, да слёз,
Ад моцнага водару п‘яны…
Ах, бэз мой, які ў цябе велічны лёс! –
Кахаеш і будзеш каханы!
Каб нам размаўляць – не патрэбна і слоў,
Бо кветкі глядзяцца мне ў вочы
І шэпчуць: “Каханне – аснова асноў,
Пах бэзавы ў сэрцы дзявочым!”
І марым дваіх мы у светлай журбе,
Каб шчасце лілося бясконца…
Жыццё! Як жа ўдзячна за тое табе,
Што ўбачыла бэз ў промнях сонца.
Жаўранкі
Я трымаю сцяблінку ў губах
І гляджу ў жаўруковае неба,
Удыхаю абуджаны пах
Жыццядайнай распаранай глебы.
Жук казыча мне вуха крылом,
Усміхаюся, сонца у вочы;
У грудзях веснавым ручаём
Жаўручыная песня булькоча.
Нябеснае свята
Навальніца – нявольніца
Перуну шчыра моліцца,
І ад рук Перуна
Ёй – маланка-труна.
Як засмяглі ваколіцы!
І дажджом не спатоляцца.
Ён туляўся ў аўсе,
Рэзаў марш па страсе,
Затуліў каўняром
Сад, і рэчку, і дом,
Пагубляў скрыпку, смык,
Зажурыўся і … знік.
Тут вясёлкаю шчаснаю
Узышло сонца краснае,
Баляваць наваселле,
Ладзіць з громам вяселле!
Купалле
Шолах жыта... Русалак галёканне...
Мітусяцца на ўзлеску агні...
Неба-мора глыбока-глыбокае...
У ім трывожныя птушкі зарніц...
Нехта пойдзе ў папараць-кветкі...
Хтось каханнем натоліцца ўсмак...
І вянкі на рачулкавых вейках...
- Снісяі, любы, у ранішніх снах...
*****
Восень па садах з кійком блукае,
З лісця кроіць - шые лахманы,
Ў кош вянгеркі познія збірае,
Што так любяць птушкі – ласуны.
З‘ела смачны сакавіты яблык,
Што, відаць, забыліся падняць;
Часу адпачыць пашкадавала
І пайшла далей – на сенажаць.
Чорная восень
Асенні смутак. Шэры цень.
Скавыча лісце пад нагамі.
І дождж імжыць цалюткі дзень,
Бы паніхіда па каханні.
На вокнах слёзы і ў вачах.
Каму патрэбна – невядома,
Каб горад патануў у снах
Вар‘ятам з жоўтага дурдома.
Галін іржавыя цвікі,
Варон абвугленыя думкі.
У лахманах, як жабракі,
Чакаюць хмары пачастунку.
Слата паўзе за каўняры,
Ізноў глытаць таблеткі, зёлкі,
І толькі лужына ў двары
Зіхціць бензінавай вясёлкай.
Да Гародні
Я цябе не пакіну, мой горад,
У сутонні зімовых турбот;
Хай глядзіць абыякавы холад
Праз вачэй – акяніц тваіх лёд!
Не паверу, што я непатрэбнай
Засталася ў абдымках тваіх,
Ў партытуры заблытаных спеваў
Я ж твой голас на вулках малых.
Мінакам засмяюся я ў спіны,
Хай злуюцца яны на мяне,
Горад мой, я цябе не пакіну,
Зберагу пацалункі твае!
Сняжынкі
Майму Анёлу
Гляджу у цішыню Сусвету
І бачу: падаюць з Нябёсаў
Аплаткі Боскае любові
Да мнагагрэшнае Зямлі.
І ўсё навокал гэтак светла,
А ў сэрцы – горача і млосна,
І пакрысе знікаюць словы,
Так гасяць зоркі ліхтары.
Дамы згарбузавалі кола
Ля сном прыморанае плошчы,
І толькі шамацяць галінкі
Абледзянелае вярбы.
І ў час, ні сумны, ні вясёлы,
Хады хавае рэха пошчак,
Знікае свежая сцяжынка,
Якой маглі б прайсці і мы.
Святачкі
Звільгатнелы вецер свішча,
Ледзяшы збівае ўлёт,
Быццам верціць калясішча,
На якім мінае год.
Гурбаў белыя мядзведзі
Разлягліся ля дзвярэй,
Хто ні пройдзе, ні праедзе –
Беражыся, не хварэй!
Смачна пахне пірагамі,
Цешыць люд Цыган з Казой...
Елкі расцвілі агнямі,
Каляровай драбязой.
Я і Ліда
Сугучнасць мілых гукаў,
Сукупнасць простых літар,
Бы яблык залацісты
Трымаю я ў руцэ,
Сярод азызлых грукаў
Свой горад клічу “Ліда!”,
Адбітак мой празрысты
Ў натоўпавай рацэ.
*****
Зоры – вечныя кветкі Нябёсаў.
Іх збіраюць крыштальныя духам
І блукаюць да ранішніх росаў,
Аблачынным губляюцца пухам.
Хай туды ты не знойдзеш дарогі,
Ўсё абрыдла, і Лёс у разоры,
Ты пакінь мітусню за парогам
І зірні: распусціліся зоры...
ЛЫЖКА МЁДУ
Усім тым, хто не любіць ані паэзію, ані мяне, ані мае вершы.
Адзін літаратар паважны
Зазначыў, што лірыку твораць
На мове, на той, пераважна,
Якою ў снах-мроях гавораць.
А як жа, крытык шаноўны!
Вы, хіба, і не ўяўлялі,
Каб людзі ў снах каляровых
На мовах на трох размаўлялі!
Вам, хіба, і думаць брыдка,
Што можна спяваць размаіта,
Што ў шоргаце вокладкі сшытка
Пачуць можна музыку жыта?
Хвілінку! Я выпраўлю справу!
У імгнненне стол прыгатую
І зараз жа смачнаю стравай
З прыгожанькіх слоў пачастую.
Вось - кэтчуп,
прынадны і тлусты:
Рэжце на лусты! Ешце!
Можа, хоць гэтак да густу
Прыйдуцца Вам мае вершы!
Studentikis ordinaris (звычайны студэнт)
Gaudeamus igitur…
Я - студэнт звычайны, мне браты ды сёстры
Ўсе студэнты, што прыходзяць ва ўнівер.
Скажа хто, што ўсё ў жыцці студэнцкім проста,
Ні на ёту ты яму, браток, не вер!
Ва ўніверы дзень адбыць студэнту – вычын!
Лекцый з пяць стрываць, практычных,
можа, з шэсць.
Дык сядзець, вачыма лыпаць, мы прывычны,
Толькі б нешта ўкінуць у рот… Тады – прагрэс!
Ды забудзься, брат! Усе грошы, як ні дзіўна,
Разляцеліся за дзень з тваёй рукі…
Страўнік мой даўно зарос бы павуціннем,
Дык без ежы паздыхалі й павукі!
Мне, галоднаму, навука – не таварыш,
А вучыць што-небудзь мне, сябры, лянота.
Ты пакуль заданні ўсе на заўтра ўспомніш,
Пройдзе вечар, ноч і ўжо, дасць Бог, субота.
Дык вучуся ж неяк, сесіі мінаю,
П’ю гарэлку, піва, таннае віно...
Далучайцеся, хто светлы розум мае,
Мы, студэнты, усім Сусветам заадно!
Звярыны суд
(жыццёвая байка)
Эпітафія справядлівасці,
якая загінула ў “вышэйшых
сферах”. Вечная памяць!
Аман.
Калі быў Леў жывы, за руку з ім віталіся,
Бо шчодрасці не бачыў ён мяжы.
Калі ж памёр, усе панадзімаліся
Ды засіпелі, бы вужы.
Сіроты-львяты засталіся голыя,
Ўдавіца-львіца – што там гаварыць!
Ды нават у такім страшэнным горы,
Відаць, ім нельга у спакоі жыць.
Сабралі “выканкам” шаноўныя звяры
Ды паглядаюць вельмі падазрона:
Як можна разам у бярлозе жыць?
Адмовіць можна па закону!
Закон – ён, як дубец, пры двух канцах,
Таму лічыць яны ўсе маюць права
Сябе багамі. (Ну, ці ж можна – жах!
У нас пражыць без выканкамаў?!)
- Дурненькі львёнак! Ён яшчэ малы, таму
Нам трэба захаваць яго ад маці!
- Пазней яшчэ падзякуе! Чаму?
Бо не далі ёй права ў хаце.
Сказалі маці “не”, раструшчылі ёй сэрца,
Раскідалі гняздо на тры гады…
Што ж, ганарыцеся! Высока месца…
Але ж яно не назаўжды!
А суддзі хто? Асёл, дзве спрытныя Вавёркі
Ды Выдраў некалькі, далей – Пінгвін і Лось.
Яшчэ Тушканчык быў: для маскіроўкі
За друкаваны ліст схаваўся штось.
За справавода Малпа працавала,
Бо акуляраў з носа не здымала.
- Мы вас не ведаем, - на просьбы ўсе адказ.
І круглы штамп ад круглых дурняў – р-раз!
Калі у твар ілгуць нахабна,
Да абсалютнае імкнуцца ўлады,
Паэт, убок паклаўшы ліру,
Ўсур’ёз бярэцца за сатыру.
Хай гэта добра памятае,
Хто ў Звярах сябе пазнае!
Нешта новае пра паэтаў
(маралітэт)
“Я памру”, - паэт сказаў
Шэрым ранкам напрадвесні.
“ Я памру, бо як раса
Адляцелі ў неба песні.
Больш няма аб чым спяваць:
Толькі чорны дождж навокал,
Надакучыла кахаць
Мне сцюдзёны смутак ў вокнах!”
Лёг. Чакае. Толькі смерць
Не спяшаецца чамусьці!
Каб душу сваю сагрэць,
Успомніў ён каханай вусны,
Вочкі, ножкі… Хто ж яе
Ўспомніць, як яго не будзе ?
І каханай назаве,
Найчысцейшай, светлай, любай?..
“Не! – сказаў паэт, - дык мне
Паміраць, напэўна, рана!”
Апрануўся і пабег
Шлюб браць са сваёй каханай.
З часу гэтага ўжо ён
Больш не піша вершаў золкіх,
Для адзінай для сваёй
Столь расквечвае вясёлкай.
ГАРЭЗЛІКІ
Балбатуха
Балбатуха – гэта муха.
Каго ўкусіць раз яна,
Іншых той не будзе слухаць,
Толькі языком: “Ля-ля”.
У рот раззяўлены – вароты
Балбатуха ўмомант – “дзын”!
І бярэцца там употай
Будаваць у роце млын.
Ад нядзелі да нядзелі
Балбатуха меле, меле,
Словы, як ваду, таўчэ,
Пірагі сабе пячэ;
Як аладкі, плёткі смажыць,
Возьме чутку, навіну
І сабе згатуе кашу,
Ды не манку, а ману.
З мухай хто сяброўства водзіць,
Той разумным не слыве,
Дрэнная кузурка шкодзіць,
Сцеражыцеся яе!
Хвілінка для размінкі
-- Коцік, коцік, дзе ты быў?
-- З мышкай па ваду хадзіў.
Скок-паскок, скок-паскок,
Перабраўся праз масток.
Цяжка я папрацаваў:
Вёдры поўныя набраў.
Што рабіць? Што рабіць?
Нешта ў жываце бурчыць!
Калі мышку з’есці,
Цяжка будзе несці...
Лічылка-страшылка
У хаце шчыраваць прывык
працавіты ...Дамавік.
У лесе кожная сасна –
выхаванка ...Лесуна.
Спёка. Колас ўвесь панік,
плача горка ...Палявік.
З рэчкі высунуў плаўнік
і рагоча ...Вадзянік.
У жыце заказыча палка
небяспечная ...Русалка.
У лазню позна не хадзі,
...Лазніка... не пабудзі!
Небяспечны жартаўнік,
у печы скача ...Агнявік.
Прытаіўшыся ля ганка,
шле хваробы ...Ліхаманка.
Яе злосныя сястрыцы,
зваць ... Агнея, Трасавіца.
Ззянне залатое, гром,
гэта ...Хут... ляціць з дабром.
На гары святло блішчыць –
...скарб закляты... там ляжыць.
Тых, хто языком трасе,
помслівы ...Кадук... знясе.
Вох, наешся поўна страху,
як сустрэнеш ...Расамаху.
Звяры, людзі выміраюць –
крочыць ...Панна Маравая.
Ноччу ў вокны будуць біцца
чорнакрылыя ...Начніцы.
Сціхлі галасы сабак-
вые сумна ...Ваўкалак.
Адчаруе яго шпарка
толькі хітрая ...Вядзьмарка.
Чур, казанне ў добры час,
кыш, нячысцікі, ад нас!
Прыкмета
Перабегла кошка праз дарогу.
Усё б нічога, ды Арцём стаіць,
Нерашуча сноўдаецца троху,
Здзекліва пад ботам снег рыпіць.
Ну, ці ж кошка? – Кацяня малое;
Толькі вушы ды, як нітка, хвост,
Але каб пярэстае, рудое...
Не, нячысцік чорнае прынёс!
З часу гэтага Арцём змяніўся,
Адгаворку ж можна не мяняць:
Двойку атрымаў, з сябром пабіўся –
Усюды вінавата кацяня!
Мо, Арцёмка хлопчык і не дрэнны,
Але ён не ведае: ў ката,
“Чорнага” віноўніка праблемы,
Белая шарсцінка ля хваста!..
Жартаўлінка
У маленькай хацінцы,
На мяккай пярынцы
Стаіць воз-вазок,
На ім кот-каток,
У катка - мяшок.
Не мяшок, а мех!
А ў мяху - смех!
Бусел
Я жыву у Беларусі,
Сімвал Беларусі - бусел.
Ён гняздуе на страсе,
Жабы ловіць па расе.
Бусел - сябра ўсіх людзей,
Крыллем - ветразем надзей
Ахінае ўвышыні
Шчасце роднае зямлі.
Струменьчык
Празрысты жвавы пестунок,
Пад арабінаю на ўзлеску
Расцвіў блакітнаю пралескай
Струменьчык, дзвюх крыніц сынок.
Ноч ўпадабала плёскат хваль
I, засядзеўшыся да ранку,
Мачала месяц абаранкам
У вадкі зменлівы крышталь.
А раніцою ў ім плылі,
Як толькі сонейка ўзыходзіць,
Ружовасцю і баграй воды,
Бы кроў палеткаў і раллі.
I вось цікаўны той малы
Адбіў мой позірк чалавечы,
Мы ўсцешыліся ад сустрэчы,
Нібыта добрыя сябры.
Я пакаўзнуўся незнарок
I саступіўшы ў плынь, бы ў душу,
Ураз чысціню яе парушыў,
Закаламуціўся пясок.
Журботна ўсхліпнуў пад нагой
Ручай, як дзіцянё якое,
Адчуўшы, што ўчыніў благое,
Я адышоўся, сам не свой.
I потым часта ўспамінаў
Той, мной пакрыўджаны, струменьчык:
Ці ж не зусім яго скалечыў,
Якім цяпер той жэўжык стаў?
Быць можа (нават думаць - жах!),
За мною іншы чалавеча
Пачапаў проста праз струменьчык
У ботах брудных на нагах ?!.
Ці ўжо знявечаны той кут,
Ляжаць журботныя бярозы,
I абыякавы бульдозер
Перагараў ваду на бруд?!.
Я сілы не магу знайсці,
Каб думкі страшныя праверыць.
Аднак жа спадзяюся, веру:
Струмень мой чысты льецца з нетраў
I будзе вечна ён плысці!
Творчая характарыстыка -
біяграфія
Пазнухова Васіліса Міхайлаўна нарадзілася 24.04.1979 г. у г. п. Пагранічны
Бераставіцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям’і афіцэра-памежніка. Маці –
педагог-псіхолаг, музычны кіраўнік .
Васіліса на “выдатна” скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Скончыла
Паграніч-ную СШ з залатым медалём. У 2001 г. скончыла Гарадзенскі дзяржаўны
універсітэт ім. Я. Купалы (факультэт “Славянскія мовы і літаратуры”) з чырвоным
дыпломам; атрымала спецыяльнасць “Філолаг. Выкладчык польскай і беларускай мовы
і літара-туры”. Таксама у 2001 г. скончыла факуль-тэт грамадскіх прафесій па
спецыяльнасці “Кіраўнік харавой фальклорнай групы”. Працавала настаў-ніцай
рускай мовы і літаратуры ў Вялікабера-ставіцкай СШ (2001 г.). У 2002 г. на
“выдатна” скончыла магістратуру ГрДзУ па спецыяльнасці “Літаратура народаў краін
замежжа (польская літартура)” і атрымала акадэмічную ступень магістра
гуманітарных навук, здала кандыдацкі мінімум. Неафіцыйна супрацоўнічала з
Гарадзен-скім абласным драматычным рускім тэатрам (2001-2002 г.).
З 2002 г. па 2005 г. працавала ў Лідскім ГДК рэжысёрам Моладзёвага ўзорнага
тэатра. З 2004 па 2005 г. вяла разам з братам, Яраславам Пазну-ховым, на Лідскім
радыё аўтарскую перадачу “Літаратурна-музычная гасцёўня”. На сённяшні дзень
працуе ў Ганчарскай СШ настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, а таксама
з’яўля-ецца кіраўніком драматычнага гуртка ў СШ № 2 г. Ліда.
З трох гадоў піша вершы на трох мовах: беларускай, польскай, рускай. Таксама
піша прозу (апавяданні, замалёўкі, нарысы, аповесці ў жанры фэнтазі), п’есы,
займаецца публіцыстыкай (арты-кулы, нататкі, цыкл моладзёвых нарысаў пад
псеўданімам “Беатрыс” у газеце “Гродзенская праўда”), літаратурнымі перакладамі.
Неадна-разовы прызёр літаратурных конкурсаў, як лаўрэат газеты “Зорка” у 1990 г.
прадстаўляла Беларусь у лагеры “Артэк” на фестывалі дзіцячай прэсы “Юнпрэс”, у
2003 г. заняла першае месца на абласным аглядзе-конкурсе моўнага майстэрства ў
намінацыі “Лепшае выкананне аўтарскага твора”, стала дыпламантам літаратурнага
конкурсу “Гарадзеншчына вачамі маладых” газеты “Гро-дзенская праўда” (2004 г.) і
г. д.
Друкуецца ў газетах “Савецкі пагранічнік”, “Бераставіцкая газета”, “Лідская
газета”, “Прынё-манскія весці”, “Гродзенская праўда”, “Аркуш”, “ЛіМ”, “Новы
век”, “Glos z-nad Niemna”; у часопісах “Пагранічнік”, “Першацвет”, “Маладосць”,
“Беларуская думка”; альманахах “Галасы”, “Галасы-2”(Гародня, 2003 г.; 2004 г.),
“Анталогія маладога верша” (Менск, 2001 г.) і іншых выданнях абласнога і
рэспубліканскага ўзроўню. Вершы ўвайшлі у калектыўны зборнік “Vita” (“Жыццё”)
літаратурнага аб’яднання “Наднёманскія галасы” (ГрДзУ). Уваходзіць у Лідскае
літаратурнае аб’яд-нанне “Суквецце”. Рыхтуе да друку зборнікі твораў на рускай і
польскай мовах.
Стварае і выконвае песні. Грае на гітары, фартэпіяна. Ёсць досвед супрацоўніцтва
з іншымі паэтамі (напісанне музыкі да песень) і кампазітарамі (напісанне тэкстаў
песень). На адзінаццаць песень зроблены прафесійныя аранжыроўкі. Была саліст-кай
фальклорнага танцавальна-харэаграфічнага ансамбля “Алена” (ГрДзУ), народнага
ансамбля польскай песні “Лехіці”, удзельнічала ў фестывалі “Віцебская вясна-96”,
ездзіла на гастролі у Поль-шчу. Госця фестывалю “Песні над Нёманам” (Гародня,
2002 г.), прызёр конкурсу маладых кампазітараў Гарадзеншчыны “Залатая восень –
2002”, дыпламант Лідскага гарадскога фестывалю-конкурсу “Песні ветру – 2004”.
Спявала ў народным ансамблі “Лідчанка” (ГДК, г. Ліда).
Правяла пяць аўтарскіх вечарын: у Гара-дзенскім пагранічным атрадзе (2002 г.), у
кан-цэртнай зале Гарадзенскай абласной філармоніі (02.10.2002 г.), у канцэртнай
зале ДМШ г.п. Вялікая Бераставіца (31.10.2003 г.), у Доме Польскім ( г. Ліда,
2004 – 2005 г.).
ЗМЕСТ
Быць слязой на вечнасці шчацэ 3
БІБЛІЯ ЗАКАХАНЫХ 7
Я клічу цябе: Адгукніся... 8
Светлая арабеска 8
Адзінота 9
Каханы-чараўнік 10
Вясна ідзе, ні ў кога не пытаецца... 10
Цвіце ў Беларусі чаромха... 11
Цыкл “Necros Aphokalipsis”- 1
Калі надыдзе канец усіх рэчаў... 13
Закалышы мяне ў аблоках... 14
Дзень адзначылі б белым каменьчыкам... 15
Кахаю цябе, мой адзіны... 15
Анталогія Кахання 16
У бурштынавы пах валасоў... 16
Калі кахаеш 17
Шэптам 17
Медзяныя лісты... 18
Вераснёўская малітва 20
Два словы пра каханне 21
Я ведаю, як атруціцца каханнем... 21
Дзень усіх закаханых 22
Не Лёс 22
Няма кахання 22
БЕЛАЯ, РОСНАЯ … 23
Там, за небасхілам... 23
Тут старадаўнія ў людзях пяюцца... 24
Край паэтаў 25
Заблукацца ў раздоллях лугоў... 26
Замова 27
8 верасня 1998 года ў Гародні 28
Святыня мая 29
Малітва-просьба 30
Нашчадкі ваяроў святой зямлі... 31
Ліст без подпісу 31
Мілагучнасць гукаў родных песень... 32
Прыгажосць 33
Вызнанне 33
Белая, росная, самая светлая... 34
Балада 34
Хатка 35
Зоры над Беларуссю... 35
РАЗМАЎЛЯЮ З БОГАМ 36
Вечнае 37
Паэзія 38
“Калі ласка, зачыняйце дзверы!”... 38
Агонія. Ці практыка гамлетаўскага пытання 39
Кара за талент 40
І быў снег... 40
Кратары атамнай пушкі... 41
Дзеці Чарнобыля плачуць на ўласных магілах 42
Апошняя надзея 42
Ты натхняеш мяне, о Ўсямоцны... 43
Я лячу ў цемры зорнай начы... 43
Па зорных невідочных кветках... 43
Тры жыцці (цыкл)
Было ў мяне калісьці тры жыцці 44
Некалі я рыжай вавёркай скакала... 44
Здавён вякоў продкі мае... 45
Калі я малая была... 46
Восеньскае 47
Сляпая, бессмяротная вада... 48
Ты – дзень 48
Калі паміраюць паэты 48
Свет – лапікавая коўдра 49
Ластаўкі ніколі не плачуць... 49
Спазнаць сябе 49
Прабачэнне 50
Нашы думкі – сляды на пяску... 50
ВЯНОК З ПАЛЯВЫХ КВЕТАК 51
Самотны верас 51
Лагодны восеньскі дзянёк... 52
А над Гародняю неба, як мара 52
Калі прыйдзе вясна 53
Гародня 53
Вечар 53
Дождж 54
Вечар – замалёўка 54
Бэз 55
Жаўранкі 55
Нябеснае свята 56
Купалле 56
Восень па садах з кійком блукае... 56
Чорная восень 57
Да Гародні 57
Сняжынкі 58
Святачкі 58
Я і Ліда 59
Зоры – вечныя кветкі Нябёсаў... 59
ЛЫЖКА МЁДУ 60
Усім тым, хто не любіць ані паэзію,
ані мяне, ані мае вершы 60
Studentikis ordinaris (звычайны студэнт) 61
Звярыны суд (жыццёвая байка) 62
Нешта новае пра паэтаў (маралітэт) 64
ГАРЭЗЛІКІ 65
Балбатуха 65
Хвілінка для размінкі 66
Лічылка-страшылка 67
Прыкмета 68
Жартаўлінка 68
Бусел 69
Струменьчык 69
Творчая характарыстыка - біяграфія 71
Літаратурна-мастацкае выданне
Пазнухова Васіліса Міхайлаўна
Мілавіца
Лірычныя, філасофскія, грамадска-публіцыстычныя, жартоўныя, дзіцячыя вершы. —
Ліда, 2006. 76 с. Размно-жана на правах рукапісу.
Рэдактар: Станіслаў Суднік.
Папера афсетная. Фармат А-5. Гарнітура “Таймс”.
Наклад 250 асобнікаў.